Вучэнне Валадароў Мудрасці

Я звяртаюся да тых з вас, хто адчувае асаблівую блізкасць да мяне

Ісус

Ісус

21 сакавіка 2005 году

∽ ✧✧ ∼

Я Ёсць Ісус. Я прыйшоў праз гэтага пасланца Божага.

З часу майго ўвасаблення на Зямлі прайшло каля 2000 год. Я шчаслівы, што магу скарыстацца гэтай магчымасцю, каб даць невялікае Вучэнне праз гэтага пасланца.

Вы ведаеце, што падчас майго увасаблення многія людзі прыходзілі паглядзець на цуды, якія я ствараў, значна меней людзей прыходзіла паслухаць мае вучэнні, і толькі 12 чалавек найбліжэйшых вучняў былі здольныя ўспрыняць у той ці іншай ступені таемныя веды, якія я даваў.

Гэтыя веды занадта адрозніваліся ад рэлігійных перакананняў таго часу.

Але я вучыў, таму што павінен быў пасеяць насенне Ісціны ў сэрцах хаця б нямногіх сваіх паслядоўнікаў.

Што адбылося потым? Тых, хто найбольш поўна ўспрыняў маё вучэнне, сталі пераследаваць, караць смерцю.

І знайшліся іншыя людзі, больш спрытныя, якія змаглі прыстасаваць мае вучэнні да сваіх карыслівых інтарэсаў і скарыстаць гэтыя вучэнні дзеля ўласнай выгоды, не клапоцячыся пра тое, што яны скажалі Боскую Ісціну.

Існуе вялікая прорва між тым вучэннем, якое я прынёс у свет падчас майго ўвасаблення, і тым вучэннем, якое цяпер даецца ў хрысціянскіх цэрквах. Хаця найбольш дасканалыя душы на працягу гэтых 2000 год разумелі гэтую розніцу і кіраваліся тым разуменнем маіх вучэнняў, якое прыходзіла з іхніх сэрцаў, а не мёртвай літарай скажоных пісанняў.

Гэтыя руплiўцы духу мелі тую ці іншую ступень кантакту са мною.

I я заўсёды адказваў іхным шчырым памкнёным сэрцам і ўчыняў ім усю магчымую дапамогу ў навучаннях, якія яны атрымоўвалі ў Духу.

І цяпер я падтрымліваю ўнутраную сувязь з многімі індывідамі, якія знаходзяцца ва ўвасабленні.

Для вас, хто адчувае гэтую асаблівую ўнутраную сувязь са мною, якая падтрымліваецца з жыцця ў жыццё, я даю гэтую дыктоўку.

Вам не патрэбнае ніякае знешняе вучэнне, каб адчуць слодыч нашых зносінаў, маю Любоў. Знешнія вучэнні толькі даюць штуршок вашай свядомасці, накіроўваюць яе. На жаль, афіцыйная царква, якая існуе, не вельмі заахвочвае вашае імкненне атрымаць мае наўпростыя зносіны.

Таму я звяртаюся да тых з вас, хто адчувае асаблівую блізкасць да мяне, ведайце, што я адкрыты для кантакту з вамi ў вашым сэрцы.

Я прыходжу да кожнага, хто запрашае мяне і хто падрыхтаваў свой храм для майго прыёму.

Не палохайцеся і не адчайвайцеся, калі нашыя зносіны не адбудуцца адразу. Мне неабходна, каб вашыя вібрацыі дасягнулі пэўнай ступені чысціні, тады я змагу прысутнічаць усярэдзіне вас і зносіцца з вамі.

Вашае памкненне да нашых зносінаў створыць пэўны магнэз памкнення, і я атрымаю магчымасць сыйсці ў вашае сэрца для ўнутраных зносінаў.

Калі вы ўважліва перачытаеце нават той варыянт Евангелля, які зараз даступны для чытання, то вы ўбачыце, што я ніколі не заклікаў да выканання знешняга рытуалу. Я заклікаў ісці Шляхам, каторы ляжыць у вашых сэрцах.

І вучыў вас, каб вы падрыхтавалі свой храм для прыходу жаніха. Ваш жаніх – гэта вашае Я Хрыста.

Калі вы дасягаеце пэўнай ступені чысціні вашых ніжніх целаў, вашай душы, вы атрымліваеце магчымасць зносіцца з вашым Я Хрыста, з вышэйшай часткай вас самых, а праз вашае Я Хрыста вы атрымліваеце магчымасць зносінаў з усімі Узнесенымі Соймамі.

Вам насамрэч не патрэбны ніякі знешні пасланец дзеля таго, каб нашыя зносіны адбыліся.

Я дам вам сваю падтрымку, і адпачынак, і суцяшэнне. Усё гэта вы знойдзеце ўсярэдзіне сябе ў вашым сэрцы.

Я прыду да ўсіх, хто чакае мяне, хто змаркоціўся без мяне. Я абяцаю вам, што я прыду да кожнага з вас і дам менавіта тое, чаго больш за ўсё прагне вашае сэрца. Я дам вам веды пра ваш Выток, пра той свет, адкуль вы прыйшлі і куды імкнецеся вярнуцца. Я нагадаю вам пра вашую першую любоў, я дам вам веды пра Шлях, які прывядзе вас Дадому да вашага Айца на Нябёсах.

Не верце нікому, хто будзе казаць вам, што вось гэтае царства тут або вось гэтае царства там. Не верце тым, хто будзе ўгаворваць вас будаваць гэтае Царства ў знешнім свеце, як бы гэтае Царства ні называлася – Царства Божае на Зямлі або Камунізм.

Вам не трэба ехаць на край Зямлі – у Індыю, у Амэрыку або ў Тыбет, каб знайсці гэтае Царства.

Царства Божае – гэта стан вашай свядомасці. І калі вы дасягаеце пэўнага ўзроўню развіцця вашай свядомасці, вы атрымоўваеце доступ да гэтага Царства Божага.

Гэта цяжка вам зразумець, таму я прашу вас паверыць мне.

Вазьміце маю руку. Трымайце яе моцна, і я пакажу вам дарогу ў гэтае Царства, уваход у якое знаходзіцца ўсярэдзіне вашага сэрца.

Толькі спачатку вы павінны самыя, па сваёй волі, развітацца з тымі якасцямі, якія абцяжарваюць вашыя сэрцы і перашкаджаюць вам разгледзець мяне нават тады, калі я прыходжу да вас і стаю проста перад вашымі вачыма.

Вы не бачыце мяне да тае пары, пакуль не зможаце вызваліцца ад кладзi, якая ляжыць на вашых плячах. Гэта цяжар, які складаецца з вашых прывязанасцяў да гэтага свету, што навокал вас.

Я дам вам практыкаванне, якое абяцайце мне выконваць штодня.

Кожны дзень уяўляйце сабе зіхатлівае асляпляльнае Святло проста перад сабою. Вы адчуваеце жаданне зліцца з гэтым Святлом, стаць адзіным з ім. Але гэтае Святло абпальвае вас, і вы не можаце наблізіцца да яго.

Таму што ў вас ёсць нешта, што не ад Святла, нешта, што перашкаджае вам здабыць стан, уласцівы вашай сапраўднай прыродзе Святла, Агню, Полымя.

Падумайце, што вам перашкаджае? Што ў вас не ад Святла? Не трэба адразу спрабаваць пазбавіцца ад усіх сваiх недасканаласцяў. Знайдзіце адну якасць у вас самых, якая, на вашую думку, больш за ўсё перашкаджае вам праявіць вашую сапраўдную прыроду. Калі вы не ведаеце, што гэта за якасць, медытуйце на мяне, прасіце мяне, і я падкажу вам, што гэта за якасць. Яна выявіцца ў вашым жыцці, і вы пажадаеце пазбавіцца ад яе.

Вы павінны жадаць пазбавіцца ад гэтай якасці або шкоднай звычкі так палка, што вы будзеце пастаянна ў сваіх малітвах да мяне прасіць мяне, каб я пазбавіў вас ад гэтае якасці, каб я дапамог вам пераадолець гэтую вашую недасканаласць.

Вы можаце проста прасіць, вы можаце маліцца. І настане дзень, калі вы цалкам пазбавіцеся ад гэтай якасці або звычкі. Тады бярыцеся за наступную недасканаласць.

Аддавайце мне ўсе вашыя недасканаласці. Прасіце мяне, я вазьму іх усе.

І не будзе ўжо нічога ў вас самых, што будзе перашкаджаць вам убачыць мяне, калі я стаю перад вамі. Мне застанецца толькі ўзяць вас за руку і правесці тым патаемным ходам у Царства Божае, якое схаванае ў патаемным схове вашага сэрца.

Але да тае пары мы будзем сустракацца з вамі. Я буду прыходзіць да вас зноўку і зноўку да тае пары, пакуль вы не зможаце чуць мяне і адчуваць маю Любоў.

Я Ёсць Ісус, ваш сябар і брат на Шляху.