Вучэнне Валадароў Мудрасці

Няхай у найбліжэйшы час чытанне маіх Ружанцаў будзе першачарговай задачай вашага жыцця

Мацi Марыя

Мацi Марыя

26 сакавіка 2005 году

∽ ✧✧ ∼

Я Ёсць Маці Марыя, вашая Маці на Нябёсах, якая прыйшла да вас праз гэтага пасланца.

Шмат разоў я прыходзіла праз многіх людзей, якія ўвасобленыя на планеце Зямля сёння. Я карыстаюся тою дыспенсацыяй, якая была мне дадзеная і якая дазваляе выкарыстоўваць тую энергію, якую людзі даюць мне пры чытанні Ружанцаў, дзеля таго каб праяўляць сябе ў фізічным свеце.

Я з’яўляюся многім, і я маю гэтую магчымасць да тае пары, пакуль не вычарпаецца струмень энергіі, што пасылаецца з вашых сэрцаў майму сэрцу.

Я скарыстоўваю кожную магчымасць, каб паўстаць перад тымі, хто гатовы ўбачыць і пачуць мяне. Я прыходжу цяпер праз Таццяну, таму што настаў тэрмін даць вам невялікую навуку, неабходную вам на цяперашнім этапе.

Вы можаце ўявіць мяне. Я стаю проста перад вамі, калі вы чытаеце гэтыя радкі. Я стаю перад вамі з букетам ружаў у руках. І гэты букет я прыгатавала для вас, мае любасныя. Для вас, хто імкнецца і аддае столькі часу чытанню маіх Ружанцаў. Не пакідайце гэтую працу, прашу вас, мае любасныя.

Я разумею, як шмат спакусаў і зводаў у вашым свеце, якія здаюцца вам важнымі ў параўнанні з малітвамі, якія я прашу вас даваць мне штодзённа.

Аднак, калі б не запатрабаванне часу і не патрэба ў вашым служэнні, я не патурбавала б вас.

Любасныя, не мае ніякага асаблiвага значэння, які Ружанец вы чытаеце, чытаеце вы традыцыйныя каталіцкія Ружанцы або Ружанцы, якія я дала за апошні час праз многіх пасланцоў. Зразумейце, мае значэнне толькі памкненне вашых сэрцаў, чысціня вашых сэрцаў і жаданне дапамагчы ўсяму Жыццю на гэтай планеце.

Я не хачу вас палохаць ніякімі бедствамi і катаклізмамі, якiя маюць быць. Не таму, што яны не прадбачацца бліжэйшым часам. Катаклізмы непазбежныя, таму што людзі па-ранейшаму не жадаюць звярнуць свае пагляды ў Нябёсы і ўпарцяцца ў сваім імкненні атрымліваць і атрымліваць задавальненні ў гэтым свеце.

Таму нам так неабходная энергія вашых малітваў. Я запэўніваю кожнага, хто штодзённа ў гэты цяжкі час будзе чытаць мае Ружанцы, што ў радыюсе 100 кіламетраў ад таго месца, дзе адбываецца вашае штодзённае служэнне, не адбудзецца ніякіх катаклізмаў і бедстваў.

Асабліва я звяртаюся да жыхароў мае любаснай Расіі. Вельмі вялікая працягласць вашай краіны і малая шчыльнасць насельніцтва ўва многіх раёнах патрабуюць ад вас служэння з падвойным і патройным намаганнем. Расіі адводзіцца вялікая роля ў змяненні свядомасці чалавецтва, у пад’ёме гэтай свядомасці на больш высокі ўзровень.

Таму я прашу кожнага, хто пачуе гэтае Пасланне, няхай бліжэйшым часам чытанне маіх Ружанцаў, незалежна ад таго, праз каго з пасланцоў гэтыя Ружанцы да вас прыйшлі, будзе першачарговай задачай вашага жыцця. Вы павінны даваць мне адзін Ружанец штодзённа. Я прашу вас. Я ўмольваю вас, мае любасныя.

Да кожнага з вас, хто возьме на сябе заабавязанне чытаць мае Ружанцы штодня, я прыду асабіста і дам вам ружу з майго букету як знак мае любові да вас.

І гэта яшчэ не ўсё, мае любасныя. Я прашу, каб вы чыталі мае Ружанцы з пачуццём найвышэйшай любові, якую вы можаце адчуваць да вашае планеты, да ўсіх жывых істотаў, якія насяляюць гэтую планету. І я прашу вас, перад тым як чытаць Ружанец, увайдзеце ў сваё сэрца. Адчуйце цяпло ў сваім сэрцы. Падумайце пра мяне. Я ведаю, як вам цяжка знаходзіцца ва ўвасабленнi на Зямлі ў гэты цяжкі час. Але ўзгадайце пра тое, як было цяжка мне, калі мой сын Ісус быў распяты на маіх вачах. Як было мне пазіраць на ягоныя пакуты?

Любасныя, вы любіце мяне? Вы можаце штодзённа ўсяго толькі некалькі хвілінаў перад чытаннем Ружанца пасылаць мне Любоў з вашых сэрцаў? Гэта ж нескладана. Вы выканаеце маю просьбу, любасныя?

Я люблю вас усіх. Я прыду да вас падчас чытання вашых Ружанцаў. Вы адчуеце, вы неадменна адчуеце маю прысутнасць. Вы можаце перапынiць чытанне і паразмаўляць са мною. Я выслухаю ўсе вашыя просьбы, усе вашыя жаданні.

І я абяцаю даць вам усю дапамогу, якую дазволіць мне даць вам Касмічны Закон.

Я зраблю для вас усё, што ў маіх сілах. Цi магу я разлічваць, што вы таксама зробіце тое, пра што я прашу?

Паверце мне, калі б я не ведала тое, што я ведаю і што схаванае ад вашых вачэй, я ніколі б не прасіла вас пра тую працу, якую толькі вы можаце здзейсніць.

Меньш за ўсё я хачу, каб вы адчувалі страх. Не бойцеся нічога. Я была сярод вас, я хадзіла па Зямлі, і я магу вас запэўніць, што кожны атрымлівае роўна столькі выпрабаванняў у сваім жыцці, колькі ён можа вытрымаць.

Занадта цяжкую карму стварыла чалавецтва. І адкупленне гэтай кармы патрабуе вялікіх ахвяраў і пакутаў.

Але Гасподзь літасцівы, і Ён дае вам інструменты, якія дазваляюць змякчыць вашую карму і аблегчыць ваш цяжар. Не грэбуйце гэтымі інструментамі і не пагарджайце дадзенай вам магчымасцю.

Я пакідаю вас. І я радая была выкарыстаць гэтую магчымасць, каб яшчэ раз нагадаць вам пра тую працу, якую вы павінны здзейсніць.

Мы абавязкова сустрэнемся з кожным падчас чытання вашых штодзённых Ружанцаў.

Я Ёсць Маці Марыя, і да сустрэчы.