Вучэнне Валадароў Мудрасці

Я ўзяў на сябе грахі свету, але галоўнае, што я зрабіў, гэта паказаў вам Шлях

Любасны Ісус

Любасны Ісус

1 траўня 2005 году

∽ ✧✧ ∼

Я ЁСЦЬ Ісус Хрыстос, які прыйшоў да вас сёння праз гэтага пасланца Таццяну.

Я ЁСЦЬ той, хто прыйшоў! Гэтым днём, калі праваслаўныя хрысціяне адзначаюць светлае свята Вялікадня ў напамін пра маё ўваскрасенне пасля распяцця на крыжы.

Сымбаль распяцця і сымбаль уваскрасення, вы ведаеце, належыць не толькі той падзеі, якая мела месца 2000 год таму.

Гэта тыя сымбалі, якія датычаць кожнага з вас, хто сёння жыве на Зямлі. І кожны з вас павінен прайсці сваё распяцце і сваё ўваскрасенне. Таму сённяшняе свята няхай паслужыць вам напамінам пра ваш Шлях пасвячэнняў і пра тыя выпрабаванні на гэтым Шляху, якія для вас маюцца быць.

Гэта не азначае, любасныя, што вы будзеце абавязкова распятыя так, як быў распяты я. І гэта не значыць, любасныя, што вы ўваскрэснеце так, як уваскрос я. Але гэтыя падзеі абавязкова адбудуцца на заключным этапе вашых пасвячэнняў.

Адбудзецца вашае распяцце, калі вы будзеце вісець на крыжы паміж жыццём і смерцю. Паміж жыццём вечным і смяротным перабываннем у вашым свеце. Вы ўсвядоміце тлень фізічнага свету, які навокал вас, і адчуеце дакрананне да вечнага свету. І тыя адчуванні, якія вы будзеце перажываць пры гэтым вашым пасвячэнні, будуць параўнальныя з тым працэсам распяцця, які мне давялося перажыць. Вашае фізічнае цела і ўсе вашыя тонкія целы будуць пакутаваць. Вы будзеце адчуваць не толькі свой боль, але вы будзеце адчуваць боль кожнай жывой істоты, якая пакутуе ў вашым свеце. Вы напоўнiцу адчуеце недасканаласць вашага свету.

Вы будзеце сутыкацца з гэтымі недасканалымі станамі свядомасці вакол вас, і вы зробіце выбар ахвяраваць сабою, ахвяраваць усім, што ў вас ёсць, нават ахвяраваць вашым фізічным целам дзеля таго, каб дапамагчы істотам вакол вас, якія пакутуюць, якія не ведаюць прычынаў, з якіх яны пакутуюць.

Так, любасныя, людзі, ужо гатовыя да абуджэння, чый тэрмін настаў, зазнаюць такія страшэнныя пакуты і цярпенні, што яны гатовыя прыняць дапамогу кожнага, хто патлумачыць ім прычыну іхняй пакуты.

І будзе добра, калі побач з імі апынецца чалавек, які ўжо ўсвядоміў стан перабывання між двума светамі і які ўжо зрабіў выбар на карысць свету Боскага.

Любасныя, многія з вас ужо перажылі сваё распяцце, і многія ўжо блізкія да праходжання свайго распяцця. Гэта стан вашае свядомасці, калі вы ўсведамляеце сваё прызначэнне, калі вы ахвяруеце сабою цалкам на дабро ўсім жывым істотам. І гэтыя жывыя істоты, замест таго каб дзякаваць вам і ўсхваляць вас, будуць старацца прынізіць вас, зрабіць вам балюча, яны будуць пераследаваць вас і імкнуцца пакараць.

І ў хвіліну, калі здаецца, што ў вас ужо няма моцы пераносіць гэтае нечалавечае напружанне ўсіх вашых сілаў, вы ўсвядоміце, што гэтыя людзі не ведаюць, што дзеюць. І вы даруеце iм усiм, і, больш за тое, вы пажадаеце ўзяць на сябе іхнія грахі, якія засланяюць ім вочы і не даюць убачыць Ісціну.

І вось тады вы пройдзеце сваё распяцце на крыжы матэрыі.

І ўслед за гэтым вы будзеце гатовыя да ўваскрашэння. Як стану вашага поўнага сугучча з Воляю Бога і поўнага ачышчэння ад людскіх думак і пачуццяў.

Гэта запраўды ўваскрашэнне, таму што ваш Дух атрымае магчымасць дзейнічаць праз вас. І вы зробіцеся ўжо непаражальныя для любых стрэлаў, накіраваных у ваш адрас. Няма нічога ў вашым фізічным свеце, што можа ўчыніць вам шкоду.

Вы ўваскрасілі свае духоўныя энергіі і ўтрымліваеце гэтыя духоўныя энергіі на вашым фізічным плане. І нішто з брыдоты занядбання, што навокал вас, ужо не можа ніяк паўплываць на вас. Наадварот, любасныя, вы адною сваёю прысутнасцю здольныя спыніць любыя праявы недасканаласці ў вашым свеце.

І вы атрымоўваеце дадатковую магчымасць здзяйсняць вашае служэнне, і дапамога, якую вы пры гэтым здольныя учыняць людзям, што навокал вас, з’яўляецца дапамогаю самых Нябёсаў. Таму што ўжо няма ў вас самых нічога, што адрознівала б ваш стан свядомасці ад Боскага.

Не верце тым, хто будзе вам казаць, што быў толькі адзін Сын Божы і толькі Ён адзін мог узяць на сябе ўсе грахі свету.

Так, я ўзяў на сябе грахі свету, але галоўнае, што я зрабіў, гэта паказаў вам Шлях, якім вы павінны пайсці і па якім вы ўжо ідзяце.

Я даў вам шлях, Ружавы Шлях, усеяны ружамі і шыпамі. І няма іншага шляху, ідучы якім вы можаце дасягнуць Царства Айца вашага на Нябёсах.

Любасныя, мяне перапаўняе пачуццё Любові да вас. Я бачу вашае служэнне, і я бачу, як цяжка вам прыходзіцца ў ваш час. Падзеі разварочваюцца так хутка, што вашая свядомасць ледзь паспяе прыстасавацца да хуткай змены дэкарацыяў.

І тыя, хто стаў на Шлях служэння і ўпэўнена па ім ідзе, атрымаюць пацверджанні правільнасці выбранага Шляху, як хвіліны ціхай радасці, неапісальнай шчаснасці, што наведваюць іх. Любасныя, запамінайце гэтыя хвіліны, усмоктвайце гэтыя станы шчасця ўсімі клетачкамі і атамамі свае істоты. Лавіце гэтыя хвіліны шчаснасці. Гэта дасць вам сілы і энергію, і магчымасць прайсці ўсе вашыя тэсты, усе вашыя выпрабаванні на Шляху.

Няхай Любоў будзе заўсёднай вашай спадарожніцай ва ўсе хвіліны вашага жыцця. І калі вы не зазнаяце пачуцця Любові, прасіце мяне, звяртайцеся да мяне, і я зраблю ўсё, што залежыць ад мяне, каб вярнуць вам вашую Любоў.

Любоў з’яўляецца тым знакам на вашым Шляху, які кажа пра тое, што вы ідзяце бясхібным шляхам.

Вы не павінныя звязваць гэтае пачуццё з канкрэтным чалавекам, і вы не павінныя патрабаваць адваротнай любовi ў адказ. Хаця часам менавіта Любоў, якую вы адчуваеце да канкрэтнага чалавека, ратуе вас у самыя цяжкія перыяды вашых выпрабаванняў.

Калі вы любіце, вам больш не трэба нічога. Вы гатовыя проста адчуваць гэты стан і цешыцца гэтым станам. І ўсе вашыя праблемы, усе вашыя недасканаласці і недасканаласці свету, што вакол вас, распускаюцца гэтым універсальным распускальнікам, які спрадвечна ўласцівы гэтаму Сусвету.

Полымя запраўднай Боскай Любові здольнае пасяліцца толькі ў сэрцах тых людзей, якія не страцілі сваёй сувязі з Боскім светам. І менавіта гэтае пачуццё здольнае ўзвысіць вашыя вібрацыі і прывесці іх у адпаведнасць з вібрацыямі вашага фізічнага плану, якія безупынна павышаюцца.

Тыя, хто не здольны засвоіць энергіі Любові, будуць адчуваць сябе ўсё болей і болей адарванымі ад вашага свету. І рана ці позна яны вырашаць або скарыцца энергіі Любові, або назаўсёды пакінуць гэты свет, у якім яны не змогуць болей перабываць з прычыны занадта вялікага разыходжання ў вібрацыях.

Любасныя, я быў рады выкарыстаць гэтую магчымасць і сустрэцца з вамі гэтым днём, у каторы, я ведаю, большасць тых, хто чытае гэтыя радкі, святкуе падзею майго ўваскрасення. Дазвольце і мне далучыцца да вашага святкавання і адсвяткаваць перамогу ўваскрасення тых з вас, хто дасягнуў у сваёй свядомасці уваскрашэння Боскіх вібрацыяў і хто цалкам сугучны са мною і іншымі Ўзнесенымі Валадарамі.

Гэта вялікая перамога, любасныя, таму што вы дасягнулі таго стану, які дазваляе нам перабываць у вашых храмах!

І вы не паверыце мне, калі я скажу, што на Нябёсах засталася ўжо нашмат меньшая частка мяне, чым тая частка, якая перабывае на Зямлі ў вашых храмах. У храмах тых, хто запрасіў мяне ўвайсці ў свае храмы і чые вібрацыі дазваляюць мне гэта рабіць.

Я скажу вам таксама па сакрэце, што большасць Узнесеных Валадароў, якія захавалі свае сувязі з няўзнесеным чалавецтвам, таксама перабываюць сярод вас, у вашых целах і ў целах вашых братоў і сёстраў.

Светы збліжаюцца. Настаў час, калі нашыя светы будуць усё бліжэй і бліжэй адзін да аднаго па сваіх вібрацыях. І ўсё большая і большая колькасць вас, любасныя, будуць мець кантакт з намі і ўсведамляць гэта сваёй знешняй свядомасцю.

Я быў рады нашай сённяшняй сустрэчы. Я пасылаю вам усю Любоў майго сэрца і прымаю Любоў вашых сэрцаў.

Я ЁСЦЬ Ісус, ваш брат.