Вучэнне Валадароў Мудрасці

Адраджэнне Расіі як зямлі Маці адбудзецца вельмі хутка

Любасная Маці Марыя

Любасная Маці Марыя

13 чэрвеня 2005 году

∽ ✧✧ ∼

Я ЁСЦЬ Маці Марыя, якая прыйшла да вас праз гэтага пасланца.

Я радая нашай сённяшняй сустрэчы. Я асабліва радая нашай сённяшняй сустрэчы, таму што з таго моманту, як я прыходзіла да вас апошнім разам, вельмі многае змянілася. І я дзякую вам усім, хто ўвесь гэты час, які прамінуў з моманту нашай сустрэчы, увесь свой вольны час прысвячаў чытанню Ружанцаў. Я абяцала прыйсці і падараваць вам ружу. Многіх з вас я літаральна абсыпала ружамі. І калі б вы заўважалі тое, што адбываецца вакол вас, вачыма вашае душы, то вы маглі б убачыць, што ўвесь пакой, у якім вы чытаеце Ружанцы, літаральна засыпаны ружамі.

Я дзякую вам. І я вельмі ўдзячная кожнаму, хто адгукнуўся на маю просьбу. Уся тая энергія, якую вы бескарысліва аддавалі мне, была накіраваная мною на стварэнне ўмоваў у вашым жыцці, якія б дазволілі вам дасягнуць большага разумення, большага ўсведамлення падзеяў, якія адбываюцца.

Мая Любоў да вас лілася нязменна падчас чытання вашых Ружанцаў. І я адчувала вашую Любоў. О, вы не можаце сабе ўявіць тое шчасце, якое я зазнаю, калі атрымліваю вашую Любоў у сваё сэрца. Вашая Любоў пранікае скрозь заслону і струменіць падобна на дабрадатны фіміям, ахінаючы мяне. Я заўсёды магу адрозніць, чыё сэрца дасылае мне гэтую Любоў, і я заўжды магу даслаць сваё дабраславенне вашаму сэрцу, вашаму жыццепатоку.

Будзьце дабраславёныя ўсе тыя адданыя і чулыя сэрцы, якія знаходзяць час спыніцца сярод мітусні дня і даць мне вашую Любоў і энергію Ружанца. Давайце не будзем спыняць гэтую цечу Любові і гэты ўзаемаабмен энергіяй між нашымі актавамі.

Уявіце сабе, што кожная вашая малітва, звернутая да мяне, усё больш і больш патанчае заслону паміж нашымі светамі. І ёсць краі на зямной кулі, дзе сіла вашых малітваў зрабіла зносіны паміж нашымі светамі магчымымі настолькі, што вы можаце адчуць мае дотыкі і пах ружаў, якімі я абсыпаю вас.

Любасныя, не спыняйце вашых малітваў.

Я па-ранейшаму маю патрэбу ў вашай Любові і ў вашых малітвах. Вы ведаеце, што важныя падзеі адбыліся на Зямлі, і я радая вітаць тых з вас, хто дасягнуў наступнага этапу ў развіцці вашае свядомасці. І я радая таму, што вельмі многія з тых, хто прысвячаў свой час чытанню Ружанцаў, змаглі падняцца на гэтую прыступку. Мае малітвы, якія я ўзносіла ў гэты час за вас, за вашых блізкіх, таксама ўчынілі сваё дзеянне.

Цяпер я звяртаю сваю ўвагу на зямлю Маці – Расію. Вы ведаеце, што Расія з’яўляецца тою краінаю, якой я чыню асаблівае заступніцтва. І мая прысутнасць над Расіяй можа быць узмоцненая толькі ў тым выпадку, калі як мага больш сыноў і дачок гэтае краіны будуць дарыць мне сваю ўвагу і аддаваць мне энергію Ружанцаў.

Вы ведаеце, што няма ў праваслаўі традыцыі чытання Ружанцаў. Таму тыя з вас, хто строга прытрымліваецца праваслаўных традыцыяў, могуць не чытаць Ружанцаў, але вам дастаткова паглядзець на маё аблічча і паслаць вашую Любоў, і я заўсёды буду адчуваць гэта. Няма ніякіх абмежаванняў у Боскім свеце. Усе абмежаванні вы прыдумалі самыя, стварыўшы традыцыі. Таму я прашу вас проста пасылаць мне вашую Любоў.

Вы памятаеце Серафіма Сароўскага? Вы памятаеце ягонае служэнне мне перад вобразам, адлюстраваным на іконе “Замілаванне”? Ён нават не чытаў малітваў, але вочы ягоныя поўнiліся слязьмі, і ён перабываў у цалкам шчасным стане Любові да мяне. Серафім Сароўскі быў адным з самых адданых маіх паслужнікаў. І я да гэтай пары ўспамінаю тыя хвіліны нашых зносінаў з ім, якія мы праводзілі ўдваёх у лесе.

Вы не можаце сабе ўявіць, які гэта неперадавальны цуд, які нам дае Гасподзь. З дапамогай нашае Любові мы здольныя распусціць любыя перашкоды, якія ляжаць паміж нашымі светамі. І няма нічога больш узвышанага, больш прыемнага і дабрадатнага, чым тыя зносіны, якія мы можам падараваць адно аднаму.

Ма стаім па розныя бакі ад мяжы, якая раздзяляе нашыя светы. Аднак сама мяжа патанчаецца і патанчаецца пад уздзеяннем усёпаглынальнай сілы Любові. Любасныя, няма перашкодаў для сілы Любові.

Любоў здольная ствараць цуды як у вашым свеце, так і ў нашым свеце. І Любоў з’яўляецца тою сілаю, якая мае магчымасць пранікаць праз заслону.

Калі ў вас надасца хвілінка і вы зможаце аддаліцца ад вашае мітусні і стаць перад маёй выявай, калі ласка, не думайце, што я недзе далёка. Я чую шчыры покліч вашага сэрца. І я там, дзе вы. Я чую кожнае вашае слова, якое вы кажаце мне. Незалежна ад таго, прамаўляеце вы гэтыя словы ў вашым сэрцы або прамаўляеце ўслых.

І калі вы затоіце вашае дыханне і прыгледзіцеся, вы зможаце нават угледзець маю прысутнасць побач з вамі ў выглядзе лёгкага, ледзь заўважнага воблака, або вы можаце адчуць тонкі водар ружаў, або вы можаце адчуць мае дотыкі да вас.

Я люблю назіраць за вашымі тварамі падчас вашае малітвы. І я калі-нікалі дазваляю сабе падысці падчас вашага чытання Ружанцаў і пагладзіць вас або пацалаваць.

Вы, многія, адчуваеце мае дотыкі і нават спрабуеце адагнаць мяне, як надакучлівую муху. О, калі б вы толькі дапусцілі ў сваёй свядомасці думку, што гэта была не муха, а сама Маці Марыя прыходзіла, каб пацалаваць вас. Вам стала б вельмі няёмка і смешна.

Нашыя светы знаходзяцца значна бліжэй адзін да аднаго, чым вы можаце сабе ўявіць. І ўжо зараз падчас малітваў вы можаце адчуваць маю прысутнасць. Няма больш блізкага Валадара за мяне для людзей Зямлі. Я адгукаюся літаральна на ўсе вашыя просьбы. І мне вельмі шкада, што часам вашая карма настолькі цяжкая, што я не магу ўчыніць вам тую дапамогу, аб якой вы просіце. Аднак няма нічога немагчымага для Бога. І калі вашае ўсведамленне сваіх мінулых памылак адбудзецца на новым узроўні, магчыма, рашэнне Кармічнага Кіравання пераменіцца, і мне будзе дазволена дапамагчы вам.

Я вельмі радая таму, што ўпершыню за апошнія 100 год я маю магчымасць усё часцей і часцей прысутнічаць на Зямлі Расіі. Маёй зямлі, якой я чыню сваё асаблівае заступнiцтва. Таму не губляйце надзеі. Усе вашыя малітвы пачутыя, дапамога спяшаецца на зямлю Расіі. І гэтая дапамога прыйдзе ў вельмі кароткія па касмічных мерках тэрміны. Усё зменіцца. І адраджэнне Расіі як зямлі Маці адбудзецца вельмі хутка.

А пакуль, я прашу вас, не спыняйце кола малітвы. І калі вы не можаце праз сваю занятасць удзяляць малітвам шмат часу, я думаю, у вас заўсёды знойдзецца час і магчымасць кінуць сярод мітусні дня пагляд на маё аблічча або iкону і паслаць мне вашую Любоў.

Гэта зойме ўсяго толькі секунды. Але калі вы напрацягу дня зможаце пасылаць мне вашую Любоў усяго толькі некалькі разоў на дзень, гэта заменіць для вас чытанне Ружанцаў і малітваў.

Заўсёды майце пры сабе маю выяву. Насеце маю выяву з сабою ў сумцы, у ладанцы. Заўжды памятайце, што там, дзе прысутнічае мой фокус у фізічным свеце, там я магу ўстанавіць сваю прысутнасць дзякуючы той энергіі Любові, якую вы мне пасылаеце.

Пацярпеце, любасныя. Нядоўга засталося чакаць. Выйдзіце на світанні і адчуйце салодкае імгненне, калі сонца яшчэ не з’явілася з-за гарызонту, але ўжо ўсё навокал прадчувае гэтае імгненне ўзыходу Сонца. Сонца Веры, Сонца Любові, Сонца Надзеі.

І росквіт вашае свядомасці гэтак жа немінучы, як світанне Сонца, якое прадбачыць вашая істота.

Я ЁСЦЬ Маці Марыя, якая заўсёды вас любіць і чакае нашай сустрэчы.