Вучэнне Валадароў Мудрасці

Пры кожным маім новым прыходзе я адчуваю сябе ўсё больш і больш упэўнена на Зямлі

Мацi Марыя

Мацi Марыя

21 снежня 2007 году

∽ ✧✧ ∼

Я ЁСЦЬ Маці Марыя, якая прыйшла да вас ізноў. Водар ружаў суправаджае гэты мой прыход да вас.

Вы можаце не заўважаць ані нашае прысутнасці побач з вамі, ані знакаў, якія мы вам бязустанку падаем. Аднак ёсць нешта, што робіцца відавочным і ўжо немагчыма схаваць нават для свядомасці тых індывідаў, якiя далёкія ад якога-кольвек захаплення рэлігіяй, Вучэннем Узнесеных Валадароў або іншымі новамоднымі вучэннямі і плынямі. І гэтае нешта выяўляецца ў самым звычайным жыцці. Вы раптам сярод мітусні вашых будняў падымаеце галаву і знаходзіце знак з нашага свету. Або вы раптам бяз дай прычыны трапляеце ў незнаёмае месца і стараецеся прыгадаць, адкуль вам вядомае гэтае месца. Вы тут ніколі не былі. Аднак гэтае месца вам да болю знаёмае. І вы раптам пачынаеце ўспамінаць прачытаны вамі артыкул пра мінулыя ўвасабленні, і лёгкі марозік пачынае падымацца ў вас па хрыбетным слупе, таму што вы ўспомнілі гэтае месца і перад вамі нават прыадчыніліся карцінкі з вашага мінулага жыцця.

І нават калі вы не верыце ні ў якую містыку, вы часам самыя сабе баіцеся прызнацца ў тым, што перажылі кантакт з тонкім светам.

Вы бачыце, мае любасныя, наколькі блізкія нашыя светы. І вы бачыце, мае любасныя, наколькі яны наблізіліся адзін да аднаго за апошнія некалькі гадоў.

Вы ведаеце, што я з’яўляюся многім людзям. І гэта адбываецца з вялікай ласкі Госпада. Ён дае мне гэтую магчымасць, таму што людзі Зямлі маюць патрэбу ў пастаянных знаках і пастаянным нагадванні пра тое, што ёсць іншы свет, больш узвышаны, куды імкнуцца душы лепшых прадстаўнікоў чалавецтва.

Як толькі вы пачнеце задумоўвацца пра наш свет, вы абавязкова будзеце заўважаць нашыя пасланні, якія мы пакідаем тут і там, нават сярод вашых рэчаў.

Вы ніколі не спрабавалі размаўляць з анёламі? Вы ніколі не прасілі анёлаў, каб яны дапамаглі вам знайсці згубленыя вамі рэчы? Паспрабуйце ўступіць з імі ў кантакт. Зараз асаблівы час перад Раством, і цуды робяцца больш рэальнымі, чым калі-небудзь.

Я прыйшла да вас гэтым днём і прынесла вам мой настрой, лёгкасць і пяшчотную Любоў, якая ахутвае маё сэрца.

Вы не ўяўляеце, як радасна мне, што я магу нарэшце прыходзіць на зямлю Расіі праз нашага пасланца і даваць свае Пасланні праз яе.

Вы не ўяўляеце, наколькі гэта значная перамога Нябёсаў, калі мы адчулі вашае прызнанне нашага пасланца. І гэтае вашае прызнанне на фізічным плане праявілася як дом для працы і медытацыяў, а на тонкім плане гэтае вашае прызнанне ператварылася ў Боскую магчымасць, якую мы атрымалі для Расіі і для працы на зямлі Расіі.

Усе вашыя намаганні, якія вы прыкладаеце, не прападаюць. Уявіце сабе анёлаў, якія збіраюць кожнае зернетка пасланай вамі энергіі Любові і Ўдзячнасці Нябёсам. Пад канец году яны збіраюць цэлыя засекі вашай энергіі, і Кармічнае Кіраванне падчас свайго штогадовага паседжання ў канцы году, якое ўжо пачалося, мае магчымасць распарадзіцца вашай энергіяй і паслаць новыя міласці і новыя магчымасці чалавецтву Зямлі.

Я прыйшла да вас гэтым днём, каб падзякаваць вам за тую працу, якую вы здзейснілі напрацягу гэтага году. Я адчуваю асаблівую ўдзячнасць да тых душаў, якія напрацягу ўсяго году несупынна чыталі Ружанцы, і я дзякую вам усім, таму што тую энергію Любові, якую я атрымала, я маю магчымасць выкарыстаць для дапамогі чалавецтву Зямлі.

Звяртайцеся да мяне па дапамогу ў вашых малітвах. Я маю магчымасць вам дапамагчы. І я раблю гэта з задавальненнем, калі вашая карма дазваляе, каб дапамога была ўчыненая. Аднак у асабліва цяжкіх выпадках патрабуецца дадатковая энергія. І я вельмі радая, што вашыя малітвы, якія вы паслалі мне ў Гадзіну Міласці 8 снежня, дазволілі мне ўчыніць дапамогу многім і многім душам на Зямлі.

Я дзякую вам.

Цяпер, напрыканцы году, уся энергія вашых малітваў і ўся энергія вашай Любові, якую вы дасылаеце Маці-Зямлі, нам, Узнесеным Соймам, па рашэнні Кармічнага Кіравання будзе выкарыстаная на новыя міласці для развіцця нашага прадстаўніцтва на Зямлі. І мы спадзяемся, што з дапамогаю вас і нашага пасланца нам удасца стварыць новы фокус Святла і распаўсюдзіць дзеянне гэтага фокусу на ўсю планету Зямля.

Я прышла ў гэты цёмны час году ў паўночнай паўкулі. Аднак я спадзяюся на тое, што якраз так, як немінуча за гэтым цёмным часам году прыходзіць вясна, гэтак жа прыйдзе вясна чалавечай свядомасці, і ў сэрцы кожнага чалавека, увасобленага на Зямлі ў гэты складаны час, прыадчыняцца дзверы, праз якія пральецца Святло Нябёсаў у свет кожнага з вас.

Я спадзяюся на гэта, і пры кожным маім новым прыходзе я адчуваю сябе ўсё больш і больш упэўнена на Зямлі, таму што вашая Любоў і адданасць дазваляюць мне знаходзіцца сярод вас і ўчыняць адчувальную дапамогу. О, няма для мяне большай асалоды, чым учыніць дапамогу тым, хто мае патрэбу, тады, калі я магу гэта зрабіць.

Не шкадуйце энергіі вашых малітваў і не шкадуйце вашай Любові, якую вы пасылаеце ўсяму, што вас атачае. Кожнае зернетка энергіі, якую вы дасылаеце, беражліва захоўваецца і выкарыстоўваецца на дабро эвалюцый планеты Зямля.

А зараз настаў час нашага развітання. Аднак я спадзяюся, што мне дазволяць прыходзіць да вас зноў і зноў праз Таццяну. Паколькі вельмі многія Валадары таксама жадаюць увайсці з вамі ў кантакт праз сэрца нашага пасланца і даць вам свае навукі, і сваю энергію, і сваю Любоў!

Вельмі многім Узнесеным Валадарам неабходны кантакт з чалавецтвам Зямлі. Дзякуючы гэтаму кантакту Узнесеныя Соймы здольныя больш паспяхова рашаць задачы, якія мусяць быць развязаныя на Зямлі ў бліжэйшы час.

Я пакідаю вас, і на развітанне я пасылаю вам усю Любоў майго сэрца.

З любоўю да вас, Вашая Маці Марыя.