Вучэнне Валадароў Мудрасці

Упусцеце ў вашае жыццё Бога

Мацi Марыя

Мацi Марыя

23 чэрвеня 2013 году

∽ ✧✧ ∼

Я ЁСЦЬ Маці Марыя.

Я прыйшла. Як вы думаеце, пра што мы будзем весці сёння нашую размову?

Я думаю, што пра многае вы хацелі б паразмаўляць са мною. І пра многае запытацца. Аднак жа я прыйшла не для таго, каб лагодна гутарыць сёння. Я настроеная рашуча і гатовая да сур’ёзнай размовы, якая ў нас маецца быць.

Я б жадала паразмаўляць з вамі пра вашае служэнне і пра вашыя абавязкі. Вельмі многія з вас, перад тым як прыйсці ва ўвасабленне, бралі на сябе многія абавязкі, звязаныя з вашым служэннем свету. Аднак жа цяпер вы забыліся пра узятае на сябе. І гэта сумна. І асабліва сумна цяпер, калі сітуацыя на планеце ўсё пагаршаецца, калі цемра засцілае вочы людзям і не дае магчымасці ўздыхнуць на поўныя грудзі і памкнуцца да светлых і радасных энергіяў адраджэння.

Я кажу перш за ўсё для жыхароў мае любай Расіі. Але я таксама гатовая да размовы з многімі з маіх любых дзяцей, раскіданых па ўсёй зямной кулі.

Я цешуся тады, калі мы разам аб’ядноўваем нашыя намаганні ў сумеснай малітве за свет. І я смуткую тады, калі шэрагі тых, хто моліцца, радчэюць і мімалётныя захапленні адрываюць вас ад галоўнага – ад малітоўнага супрацьстаяння ўсялякім негатыўным сілам і праявам вашага свету.

Мы разам у нашай малітве здольныя змяніць любую сітуацыю ў любой краіне свету. Мы разам у нашай сумеснай малітве можам павярнуць любую самую цяжкую сітуацыю і накіраваць яе ў лёгкае і радаснае – Боскае рэчышча.

Я гатовая быць з вамі ў вашай малітве. Я гатовая далучыцца да людзей, якія ў шчырай малітве заклікаюць мяне і звяртаюцца па дапамогу.

Гасподзь дае вам нябачаныя дасюль магчымасці. Гасподзь гатовы прыйсці да кожнага, хто імкнецца падчас шчырай малітвы. І я разам з Ім перабуду з кожным з вас.

Я прагну, калі надыдзе момант вашае шчырае малітвы, каб прыйсці і ўзмацніць яе. Часам я прыходжу да тых з вас, хто прыняў на сябе абавязанні штодня чытаць мае Ружанцы. І якое ж бывае маё здзіўленне і прыкрасць, калі замест малітвы вы занурваецеся ў іншыя справы, якія вам здаюцца больш важнымі. Я прыходжу роўна да часу вашае малітвы, каб узмацніць яе і памаліцца з вамі. І я не знаходжу вас. І гэта вельмі сумна.

Любасныя, не засмучайце мяне вашымi зменлiвасцю і лянотаю. Зразумейце, цяпер толькі вашыя малітвы могуць выратаваць і выправіць тую сітуацыю, якая склалася ў Расіі і ў свеце. Толькі вашай малітвай вы здольныя запабегчы самаму страшнаму.

Я прашу вас, і я ўмольваю вас.

Гэта ж не складана, любасныя, нават тады, калі ў вас няма часу на чытанне Ружанца, проста памкнуцца да мяне з усёю любоўю вашага сэрца. Мы сустрэнемся з вамі поглядам, і я зразумею, што вы памятаеце пра мяне, але абставіны не дазваляюць вам удзяліць час малітве ў гэты дзень. Я прыйду да вас на наступны дзень, і мы разам аддамо нашыя малітоўныя намаганні на Агульнае Дабро.

Сіла нашае сумеснае малітвы цяпер узмоцненая як ніколі. І я запэўніваю вас у тым, што мы можам папярэдзіць любыя самыя страшныя наступствы няправiльных дзеянняў людзей у мінулым і сучаснасцi, калі супрацьпаставім негатыўным энергіям нашую веру і згуртаванасць.

Уявіце сабе, як моцны малітоўны вал перакочваецца ад аднаго краю зямлі да другога. Уявіце сабе, як галасы тых, хто моліцца, зліваюцца ў адзіны гучны голас. І гэты голас чуваць па ўсёй планеце.

Мы разам зможам выстаяць!

Я кажу вам, што сітуацыя такая цяжкая, што ў гэта цяжка паверыць. І адзінае, пра што я вас прашу цяпер – даць мне энергію вашай малітвы. Каб я магла распарадзіцца ёю на свой погляд.

Даверце мне вашыя малітоўныя намаганні. Прасеце мяне аб дапамозе, і я накірую сваіх анёлаў на дапамогу ў тыя сітуацыі, якія здаюцца невырашальнымі.

Уявіце сабе, што я і мае анёлы ўвойдзем ў сцены вашых органаў улады. Сваёй прысутнасцю мы зменім сітуацыю і створым перавагу сілаў пры прыняцці любога рашэння.

Уявіце мяне падчас любых перамоваў, якія вядуцца на дзяржаўным узроўні, як быццам я таксама сяджу за сталом перамоваў, і я буду кантраляваць прыняцце любых рашэнняў у вашым свеце, якія датычаць палітыкі і эканомікі, адукацыi i аховы здароўя, культуры і сацыяльнага забеспячэння. Вашыя візуалізацыі і малітвы дадуць магчымасць мне і іншым Узнесеным Валадарам уключыцца ў прыняцце рашэнняў на любым дзяржаўным узроўні. Дзякуючы такой простай практыцы мы зможам перамяніць любую сітуацыю і накіраваць яе вырашэнне па Боскім шляху.

Я ведаю, што вельмі многія людзі зараз пакутуюць ад дэпрэсіі, я ведаю, што сэрцамі многіх людзей завалодалі страх і нянавісць.

Усё гэта адбываецца, любасныя, ад недахопу прысутнасці Бога ў вашых жыццях. Боская энергія блакіруецца вамі самымі і з дапамогаю сродкаў масавай інфармацыі, якія апускаюць вас у негатыўныя станы свядомасці.

Толькі струмені Боскай энергіі, якія вы заклікаеце падчас малітвы, здольныя ачысціць вашыя целы, вашую свядомасць і падсвядомасць і вызваліць вас назаўсёды ад страху, дэпрэсіі і нянавісці. Любыя няякасныя станы вашае свядомасці можна распусціць Боскаю энергіяй, якую вы будзеце заклікаць штодзённа ў вашае жыццё з дапамогаю вашых малітваў.

Я перабуду з кожным з вас у вашай малітве. Я ўзмацню яе дзеянне і дапамагу вам. Але я не змагу зрабіць для вас нічога, калі вы не даеце мне ані вашай малітоўнай энергіі, ані вашай энергіі любові, якую вы пасылаеце мне, медытуючы на маю выяву.

Таму не наракайце ні на кога, калі вы зазнаяце негатыўныя станы свядомасці, калі беды і няшчасці засланяюць вам вочы. Бог настолькі міласэрны, што аднае малітвы або палымянага закліку можа быць дастаткова, каб змяніць любую сітуацыю.

Усе вашыя малітвы і заклікі вы павінны здзяйсняць толькі ў імя Бога.

Мы можам змяніць любую сітуацыю! Мы зробім гэта! Боскі цуд знаходзіцца побач з вамі. І ён гатовы праявіцца, але для ажыццяўлення цуду неабходная энергія вашых малітваў і вашыя пазітыўныя памкненні да Добрай Долі, Шчаснасці і Дабра.

Вы атрымліваеце тое, да чаго вы імкнецеся. І калі вы штодня лаеце ўсё запар, лаеце ваш урад, усіх, хто навокал вас, ды і самога Бога, наўрад ці вы дасягнеце пазітыўнага выніку і наўрад ці вы будзеце калі-небудзь шчаслівыя ў вашым жыцці.

Калі ж вы, нягледзячы ні на што, здольныя захаваць веру і любоў у вашым сэрцы, калі вы гатовыя абараніць сябе і сваіх блізкіх малітваю і любоўю, то самае дрэннае і непапраўнае абміне вас і вашых блізкіх. Калі ж такіх людзей, якія на першым месцы ставяць Бога і Ягоны Закон, большае і большае з кожным годам, то ніякія цяжкасці, ніякія катаклізмы і крызісы не страшныя вашай краіне і яе людзям.

Вы бачыце, што Бог безупынна клапоціцца пра вас.

Упусціце ў вашае жыццё Бога.

Я ЁСЦЬ Маці Марыя.